Ochrona ptaków migrujących - OTOP

Ахова пералётных птушак EAF

Пералётныя птушкі – крызіс колькасці

Міграцыя птушак – гэта сапраўдны феномен у птушыным свеце. Кожны год мільёны птушак выпраўляюцца ў доўгія падарожжы, некаторыя пераадольваюць да некалькіх тысяч кіламетраў у год. Мы ў OTOP прысвячаем гэтым сезонным міграцыям сумесныя шпацыры, назіранні і падлікі птушак. З мэтай аховы пералётных птушак OTOP арганізуе палявыя даследаванні і бярэ ўдзел у міжнародных праектах.

Адным з вялікіх шляхоў міграцыі, які праходзіць праз Польшчу, з’яўляецца Усходне-Атлантычны шлях міграцыі птушак (EAF). Паводле сучасных ацэнак, штогод ім пралятае каля 90 мільёнаў птушак ад месцаў гнездаванняў на поўначы: у Арктыцы, Сібіры, Паўночнай Еўропе, Грэнландыі, Ісландыі, да месцаў зімовак у Заходняй Еўропе і Афрыцы. Колькасць пералётных птушак EAF, асабліва кулікоў, скарачаецца як у глабальным, гэтак і ў лакальным маштабе, таму патрэбныя папераджальныя ахоўныя захады.

Вырашэнне: міжнародная супраца

Супраца паміж рознымі дзяржавамі вельмі важная для аховы пералётных птушак.
Калі птушкі не змогуць знайсці патрэбныя месцы для кармлення, адпачынку ці зімоўкі падчас міграцыі ў адных краінах, то ў іншых іх могуць не дачакацца на гнездаванне.
Таму для каардынацыі міжнароднай дзейнасці BirdLife International стварыла East Atlantic Flyway Initiative (EAFI). Пад кіраўніцтвам EAFI у лістападзе 2021 г. OTOP – у якасці каардынатара сумесна з партнёрамі з Ісландыі (Fuglavernd BirdLife Iceland), Нарвегіі (BirdLife Norway) і супольнасцю прыродаахоўнікаў з Беларусі пачаў супрацу ў рамках міжнароднага праекта “Networking for East Atlantic Flyway migratory birds in protected areas of Belarus, Iceland, Norway, and Poland”.

Мэтай праекта быў аналіз спосабаў аховы і кіравання ключавымі тэрыторыямі для найбольш пагражальных відаў пералётных кулікоў дзеля распрацоўкі міжнародных рэкамендацый пабольш эфектыўнай ахове птушак. Крызіс колькасці кулікоў, якім неабходныя водна-балотныя ўгоддзі, таксама патрабуе разумення метадаў іх актыўнай аховы. Таму мэтай праекта таксама было высвятленне метадаў аднаўлення дэградаваных у выніку дзейнасці чалавека месцаў пражывання птушак, такіх як асушаныя балоты. Праект таксама быў накіраваны на абмен ведамі, досведам і паспяховымі практыкамі, якія ёсць у розных краінах, нягледзячы на адрозненні ў формах і інстытутах аховы прыроды, а таксама ў колькасці кулікоў у кожнай з гэтых краін. Акрамя таго, у рамках праекта была праведзена праверка ў кожнай з чатырох краін-удзельніц першапачаткова распрацаванай у Вялікабрытаніі методыкі адбору тэрыторый, важных для аднаўлення папуляцый пералётных кулікоў, каб вярнуцца да так званых Favourable Reference Values (FRVs): індыкатараў адсутнасці непасрэднай пагрозы для дадзенай папуляцыі, што адпавядае Стратэгіі ЕС 2030. Для рэалізацыі мэтаў праекта былі праведзены палявыя семінары (у тым ліку па аднаўленні балотаў у Польшчы), анлайн сустрэчы і выніковая канферэнцыя ў Польшчы.

Выдаткі праекта былі пакрытыя Радай міністраў паўночных краін (Nordic Council of Ministers) пры суфінансаванні з Нацыянальнага фонду аховы навакольнага асяроддзя і кіравання воднай гаспадаркай Польшчы (NFOŚiGW) у рамках Фонду двухбаковай супрацы фінансавага механізма Еўрапейскай эканамічнай прасторы на 2014-2021 гг. і Нарвежскага фінансавага механізма на 2014-2021 гг. па праграме “Навакольнае асяроддзе, энергетыка і змены клімату”.

Якія віды і якія месцы пражывання трэба ахоўваць?

У рамках праекта ўвага надавалася 6 відам кулікоў: вялікаму кіркуну падвіду schinzii, вялікаму грыцуку, куліку-случку, бакасу, вялікаму кулёну і чырвонаваллёвіку. Гэтыя віды ўключаны ў спіс Multi-Species Action Plans (MSAPs), буйнога еўрапейскага праекта LIFE, які каардынуецца BirdLife International, і мэтай якога з’яўляецца папярэджванне крызісу колькасці птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, у тым ліку кулікоў.

Любая ахова віду эфектыўная ў той меры, у якой яна абараняе месца яго пражывання, таму ў рамках праекта “Networking for East Atlantic Flyway” правяралася, наколькі добра абароненыя ключавыя месцы пражывання абраных відаў кулікоў. Кожны партнёр праекта абраў пяць найважнейшых тэрыторый для аховы кулікоў, якія мелі б прыдатныя для аналізу планы аховы/кіравання. Далей было праверана, ці ёсць у планах рэкамендацыі, неабходныя для эфектыўнай аховы кулікоў. Як высветлілася, планы мелі недахопы, але былі выяўлены і іншыя чыннікі, якія паказваюць, што ахова кулікоў там недастатковая. Высвятленне прычын, па якіх тэрыторыі, ужо вылучаныя для аховы пералётных кулікоў, не выконваюць сваёй ролі, стала б першым крокам да змены кіравання гэтымі тэрыторыямі. Гэта супала б з мэтамі Стратэгіі па захаванні біяразнастайнасці ЕС, паводле якой да 2030 г. значныя плошчы дэградаваных тэрыторый будуць адноўленыя, месцы пражывання і віды не будуць дэманстраваць тэндэнцый да скарачэння, а не меней 30% відаў дасягнуць лепшага статусу альбо, прынамсі, прадэманструюць тэндэнцыю да ўзросту. Выяўленне ключавых тэрыторый для кулікоў паказала, дзе варта сканцэнтраваць высілкі па іх ахове, што азначае абарону ўсёй біяразнастайнасці і воднага рэжыму тэрыторыі.

Ключавыя тэрыторыі былі абраны ў першую чаргу з сетак IBA, SPA і ASCI, якія ўжо існуюць.
Тэрыторыі, важныя для птушак (IBA) – гэта месцы, дзе сустракаюцца ці маюць высокую шчыльнасць каштоўныя віды птушак, асабліва віды, якія зімуюць ці мігруюць.
Крытэры для надання статусу вызначае BirdLife International, а праграма IBA рэалізуецца ў паасобных краінах партнёрамі BirdLife International – у Польшчы гэта OTOP. Краіны Еўрапейскага Саюза прынялі IBA пад юрыдычную ахову, як асабліва ахоўныя тэрыторыі для птушак (Special Protection Areas, SPA) у рамках праграмы Natura2000. У Польшчы з IBA таксама вырасла сетка асабліва ахоўных тэрыторый Natura2000. Гэта асабліва ахоўныя тэрыторыі для дзікіх птушак, асабліва для рэдкіх, пералётных і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Яшчэ адна важная прыродаахоўная сетка – гэта “Смарагдавая сетка” з участкамі ASCI (Areas of Special Conservation Interest). Яе стварэнне адбылося пасля падпісання ў 1979 годзе Бернскай канвенцыі, якая была ўхваленая краінамі Рады Еўропы, чатырма афрыканскімі краінамі, Беларуссю, Украінай і Еўрапейскім Саюзам. Гэта сетка з’яўляецца аналагам Natura2000 у краінах, што не ўваходзяць у ЕС. У адпаведнасці са зместам Канвенцыі, асаблівая ўвага павінна надавацца відам, якія мігруюць, раёнам іх міграцыі, зімоўкі, адпачынку, кармлення, размнажэння і лінькі.

Развітая сетка тэрыторый IBA існуе ўва ўсіх чатырох краінах-удзельніцах праекта, бо яны з’яўляюцца партнёрамі BirdLife International. SPA сустракаюцца толькі ў Польшчы як тэрыторыі Natura2000, а ASCI – у Нарвегіі і Беларусі. У Ісландыі на аснове IBA распрацоўваюцца ASCI, але яны ўсё яшчэ чакаюць сваёй рэалізацыі.

Для таго, каб планы аховы тэрыторый Natura2000, Смарагдавай сеткі ці IBA былі эфектыўнымі, у рамках праекта патрэбна было распрацаваць для іх міжнародныя рэкамендацыі, якія б спрыялі аднаўленню папуляцый кулікоў. Паколькі іх эфектыўная ахова патрабуе захавання водна-балотных угоддзяў, незарэгуляваных рачных экасістэм і аднаўлення балотаў, у шырэйшым сэнсе праект таксама прапануе сродкі для барацьбы з засухай і глабальным пацяпленнем.

Якія існуюць пагрозы?

Асноўная пагроза для кулікоў (для ўсіх чатырох краін) – гэта страта месцаў пражывання па наступных прычынах: асушэнне балотаў, развіццё сельскай гаспадаркі, рэгуляцыя і пераўтварэнне рачных далін, зарастанне адкрытых участкаў. Іншыя важныя чыннікі: ціск драпежнікаў, развіццё дарожнай сеткі, няўстойлівы турызм. Некаторыя пагрозы носяць больш спецыфічны характар у асобных краінах.

Напрыклад, у Ісландыі пад лозунгам барацьбы з глабальным пацяпленнем і ветравой эрозіяй глеб урад рэалізуе праграму лесагадоўлі. Пры гэтым не толькі знікаюць адкрытыя ўчасткі, важныя для кулікоў, але і паўстае рызыка распаўсюджвання інвазіўных раслін.
Апроч таго, пацяпленне клімату падаўжае вегетацыйны перыяд, узрост дрэваў палягчаецца, усё больш земляў становяцца даступнымі для сельскай гаспадаркі і патэнцыйна страчваюцца для прыроды. Яшчэ адной пагрозай у Ісландыі з’яўляецца часам масавае будаванне на адкрытых тэрыторыях летніх дамкоў для адпачынку.

Нарвежскія эксперты адзначылі, што большасць ключавых для захавання кулікоў тэрыторый знаходзяцца ў прыватных руках, для іх нават не распрацоўваюцца планы па ахове/кіраванню, таксама на гэтых тэрыторыях можна паляваць. Павялічыць тэрыторыі пражывання кулікоў магчыма дзякуючы ахове занядбаных дробных ферм, кінутых людзьмі, якія з’язджаюць у гарады. Нацыянальныя паркі і запаведнікі не забяспечваюць дастатковай аховы, бо ў Нарвегіі дзейнічае права на вольнае знаходжанне, так званы allemannsretten: у любым месцы можна паставіць намёт ці хадзіць, дзе хочаш.Таму планы аховы/кіравання нацыянальных паркаў не абмяжоўваюць гэтага права. Нарвежская “Смарагдавая сетка” ўвогуле не мае планаў аховы. Яшчэ адной пагрозай для кулікоў у Нарвегіі з’яўляецца знішчэнне месцаў іх пражывання ў выніку здабычы торфу на нізінных балотах.

Беларуская справаздача, у сваю чаргу, паказала, што нягледзячы на тое, што масавая меліярацыя праводзілася досыць даўно, і некаторыя меліярацыйныя сістэмы ўжо не выкарыстоўваюцца, яны дагэтуль маюць негатыўны ўплыў на тэрыторыі, важныя для кулікоў. Гэта таксама стварае пагрозу лакальных пажараў у выпадку ўзгарання асушанага слоя торфу. На прыкладзе рэгулявання ракі Прыпяць і яе прытокаў была паказана ўзаемасувязь паміж стратай месцаў пражывання кулікоў і ўзнікненнем лакальных паводак: выпростванне рэчышча ракі і адсячэнне яе ад старыцы прывяло да больш частых і моцных паводак, што пагражае стратай кладак пры іх затапленні.
Яшчэ адной сур’ёзнай пагрозай для кулікоў у Беларусі з’яўляецца паляванне, якое працягваецца да сярэдзіны траўня і з’яўляецца крыніцай прыбытку і забавай на тэрыторыях, якія павінны забяспечваць ахову кулікоў. Больш за тое, бакас у Беларусі – паляўнічы від. З іншага боку, паляванне не рэгулюе ўзросту колькасці (у выніку ўгнаення водна-балотных угоддзяў біягеннымі сцёкамі) драпежных птушак, якія канкуруюць за ежу з кулікамі, могуць паляваць на іх птушанят і есці іх яйкі.

Як ахоўваць?

Аналіз планаў аховы абраных тэрыторый, важных для кулікоў, дазволіў зрабіць аналагічныя высновы для ўсіх чатырох краін-удзельніц праекта.
Планы аховы/кіравання SPAs у Польшчы часта мелі занадта агульныя фармулёўкі пагроз ці занадта прыблізныя планы дзеянняў па зніжэнні ўплыву драпежнікаў на папуляцыі кулікоў. Другі мінус – тое, што некаторыя прыродаахоўныя мерапрыемствы названы факультатыўнымі, а не абавязковымі, што звязана з тым, што частка SPAs размешчана на прыватных тэрыторыях. Аднак ніводны з мінусаў планаў аховы не з’яўляецца дастаткова істотным, каб вытлумачыць зніжэнне колькасці кулікоў, якое назіраецца. За недастатковай аховай кулікоў, якую павінны забяспечваць тэрыторыі Natura 2000, стаіць неэфектыўнасць апісаных у планах прыродаахоўных мерапрыемстваў альбо тое, што яны не выконваюцца.

Гэтая тупіковая сітуацыя абумоўлена 3 асноўнымі чыннікамі:

(1) многія планы аховы/кіравання тэрыторыямі Natura2000 у Польшчы фармальна не прынятыя: яны распрацаваныя, але не рэалізуюцца;

(2) бракуе рэсурсаў: чалавечых, фінансавых, ведаў у галіне кіравання;

3) значная частка гнездавых тэрыторый кулікоў знаходзіцца на сельскагаспадарчых, прыватных землях; камфортнае для кулікоў выкарыстанне гэтых земляў абумоўлена толькі жаданнем землеўласніка, напрыклад, выкарыстаннем сельскагаспадарчых субсідый на адпаведнае кашэнне.

Выйсцем з тупіка магло б стаць зняцце фармальных абмежаванняў для надання юрыдычнай моцы планам аховы/кіравання Natura2000, падтрымка планаў аховы шляхам стварэння дадатковых нацыянальных планаў дзеянняў для асобных відаў кулікоў (цяпер існуе толькі для вялікага кулёна), фактычная ахова важных месцаў пражывання на прыватных землях з дапамогай дзяржаўнай праграмы выкупу земляў ці распрацоўкі фінансавых праграм, якія б стымулявалі фермераў да выкарыстання практык, спрыяльных для пражывання кулікоў.

У Ісландыі ацаніць эфектыўнасць планаў аховы/кіравання было вельмі складана, таму што не было свежых дадзеных пра колькасць кулікоў. Нарвежскія эксперты таксама адзначылі, што планы аховы/кіравання рэдка распрацоўваюццанават для ахоўных тэрыторый і адсутнічаюць дадзеныя маніторынгу па асобных відах кулікоў для тэрыторый, якія не з’яўляюцца IBA. Такім чынам, прыклады Ісландыі і Нарвегіі паказваюць, што для аховы птушак патрэбна іх рэгулярна падлічваць. У Польшчы вялікі ўнёсак у падлік колькасці птушак уносіць “народная навука” – сетка назіральнікаў, якія рэгіструюць рэзультаты на сайце Ornitho.pl, ці Маніторынг звычайных відаў птушак, які праводзіць OTOP.

Апроч адсутнасці маніторынгу, у Ісландыі бракуе прыродаахоўных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне кулікоў. Пры гэтым, Ісландыя з’яўляецца другім па значнасці месцам гнездавання кулікоў у Еўропе: улетку тут гняздуе да 15-20% еўрапейскіх кулікоў.
Агульная плошча IBA у Ісландыі, відаць, дастатковая для падтрымання стабільнай папуляцый кулікоў, аднак іх колькасць працягвае скарачацца. Як і ў выпадку з Польшчай, праблемай з’яўляецца недастатковая эфектыўнасць мераў, апісаных у планах аховы. Самі па сабе IBA не даюць прыладаў для аховы тэрыторыі, а тэрыторыі, якія ахоўваюцца законам, размешчаны на высакагор’і ў глыбіні выспы. Кулікі жывуць на нізінных узбярэжжах Ісландыі, якія не ахоўваюцца законам. Ісландскія партнёры адзначылі, што апытаныя фермеры і землеўласнікі з разуменнем ставяцца да абароны кулікоў на сваіх землях, аднак для ажыццяўлення спрыяльнага для кулікоў землекарыстання неабходныя механізмы дзяржаўных субсідый, асабліва ва ўмовах кароткага вегетацыйнага перыяду ў Ісландыі. Тым не менш, усё яшчэ актуальным з’яўляецца ўжыванне добрых практык: скошванне паплавоў, захаванне ўчасткаў водна-балотных угоддзяў без выкарыстання іх у сельскай гаспадарцы. Яшчэ адной перашкодай у Ісландыі з’яўляецца выкананне планаў аховы прыроды праз галоўнае Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя, якое не прыцягвае да гэтага мясцовых структур. У прааналізаваных планах аховы/кіравання таксама адсутнічалі крытэры, на падставе якіх рэкамендуецца забяспечваць устойлівасць, а пагрозы ці практыка былі апісаны занадта абагульнена.

На падобную абагульненасць прааналізаваных планаў аховы звярнулі ўвагу і аўтары справаздачы з Беларусі: у планах не паказваліся канкрэтныя месцы, дзе будуць праводзіцца мерапрыемствы, і не адзначалася, на чым канкрэтна яны будуць палягаць. У шматлікіх планах кіравання ключавымі тэрыторыямі для кулікоў у Беларусі прапушчаныя такія важныя пагрозы, як меліярацыя, няўстойлівае рыбалоўства, вясновае паляванне, нерацыянальнае сельскагаспадарчае выкарыстанне тэрыторый і прылеглых земляў. Прыродаахоўнікі з Беларусі таксама адзначылі, што планы аховы павінны ісці поруч з аховай відаў жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, якая ўжо існуе. Бо з 6 відаў кулікоў, на якіх сфакусаваны праект, вялікі грыцук і вялікі кулён, знаходзяцца пад аховай у Беларусі.

Важная тэма, якая згадваецца ў справаздачах усіх чатырох краін, – патрэба павышэння экалагічнай адукаванасці мясцовага насельніцтва і актывізацыі мясцовага кіравання для супольных дзеянняў. Прапануецца выкарыстоўваць наступныя спосабы: удзел мясцовых супольнасцяў у маніторынгу птушак і іх інфармаванне пра яго вынікі, інфармаванне шырокай аўдыторыі пра прыродаахоўныя мерапрыемствы, якія праводзяцца, у тым ліку ў цэнтрах экалагічнага адукацыі, СМІ, на вэб-парталах ці падчас арганізаваных экскурсій.

Мясцовае насельніцтва, займаючыся традыцыйным выпасам кароў ці кашэннем, можа зрабіць істотны ўнёсак у падтрыманне спрыяльных для пражывання кулікоў тэрыторый. У Беларусі традыцыя кашэння сена ўжо паступова знікае на ўсёй тэрыторыі Палесся. Спыненне гэтай традыцыі звязана з яе эканамічнай неэфектыўнасцю, адтокам насельніцтва з вёсак у гарады, скарачэннем пагалоўя жывёл, што прыводзіць да зарастання адкрытых участкаў, якія калісьці касілі ці пасвілі на іх кароў. Стары метад пазбаўлення ад расліннасці мясцовымі жыхарамі – спальванне травы ранняй вясной ці познім летам пагаршае ўмовы пражывання птушак, гінуць жывёлы, якія жывуць у траве, у тым ліку птушаняты кулікоў, якія гняздуюць на зямлі. Таму патрабуюцца дзяржаўныя метады фінансавання для падтрымкі захавання традыцыйнага кашэння і фармавання мясцовай ідэнтычнасці на аснове такіх традыцый.

У Ісландыі, нягледзячы на механізаванне сельскай гаспадаркі, дагэтуль захоўваецца традыцыя выпасу: авечкі пасвяцца ў нізінах да сярэдзіны чэрвеня, а пасля перапынку яшчэ і ў пачатку восені. Гэта дазваляе падтрымліваць аптымальную вышыню расліннасці для размнажэння і кармлення кулікоў. Аднак яшчэ занадта мала вядома пра колькасць жывёл і пра тое, якія метады выпасу працуюць у тых ці іншых раёнах. Таму навукоўцам патрэбна супрацоўнічаць з мясцовым насельніцтвам, асабліва з пажылымі людзьмі. Вынікі даследаванняў таксама павінны быць распаўсюджаны сярод мясцовага насельніцтва і спрыяць працягу выпасу жывёл у аптымальным рэжыме для папуляцыі кулікоў. Традыцыйны выпас і кашэнне ўжо зніклі ў многіх частках Еўропы, таму тым больш актуальна захаваць іх не толькі як добрую практыку для захавання пералётных кулікоў, але і як культурную спадчыну.

Гэтыя традыцыі ў спалучэнні з узростам экалагічнай адукаванасці мясцовага насельніцтва таксама могуць стаць часткай прасоўвання рэгіёна і ў перспектыве прыносіць прыбытак мясцовай супольнасці за кошт устойлівага турызму. Ахова кулікоў выгадная і людзям, і клімату, бо ахова месцаў пражывання гэтых птушак (балотаў, тарфянікаў і рачных далін) забяспечвае зніжэнне выкідаў CO2 і абарону ад засухі. Важна толькі, каб тэорыя: навуковыя даследаванні, веды пра пагрозы і спосабы аховы кулікоў, новыя мадэлі сельскай гаспадаркі, якія акрамя вытворчасці прадуктаў харчавання служаць таксама прыродзе, былі ператвораны ў адпаведныя планы кіравання і каб былі створаны юрыдычныя, фінансавыя і светапоглядныя ўмовы для іх эфектыўнай рэалізацыі.

 

Запрашаем да прагляду запісаў:

1. Канферэнцыя (на ангельскай мове) у Варшаве 27.06.2022: удзельнікі праекта з Польшчы, Нарвегіі, Ісландыі і Беларусі расказваюць пра колькасць кулікоў, месцы іх пражывання, пагрозы і метады, якія ўжываюцца для іх захавання ў кожнай краіне. https://www.youtube.com/watch?v=1RAtXBuyfkI&ab_channel=OTOPBirdLifePolska

2. Канферэнцыя “Аднаўленне водна-балотных угоддзяў для захавання біяразнастайнасці і клімату” (на ангельскай мове) у Рэйк’явіку 16.06.2022, на якой абмяркоўваюцца метадалагічныя і практычныя праблемы, з якімі сутыкаюцца і маюць досвед удзельнікі праекта з Ісландыі, Польшчы і Беларусі. Аднаўленне водна-балотных угоддзяў служыць захаванню відаў кулікоў, якія знікаюць, а таксама з’яўляецца абаронай ад засухі і глабальнага пацяплення. https://www.youtube.com/watch?v=JPIWrCGOMP8&ab_channel=OTOPBirdLifePolska

 

Wpłacam

Chcę dołączyć do newslettera.

FreshMail.pl
 

FreshMail.pl
 

Mamy dla Ciebie newsletter!

Zapisz się  

Tak, chcę dostawać newsletter OTOP (dopóki się nie wypiszę)

FreshMail.pl